Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/8

Гэта старонка не была вычытаная

ваў свае ногці, курыў, падкладваў сабе падушкі пад бок і наогул быў у вельмі добрым настроі. Сытна і з вялікай прыемнасцю паснедаўшы, Аркадзій Паўлыч наліў сабе чарку чырвонага віна, паднёс яго да губ і раптам нахмурыўся.

— Чаму віно нe нагрэта? — спытаў ён досыць строгім голасам аднаго з камердынераў.

Камердынер замяшаўся, спыніўся, як скамянелы, і збялеў у твары.

— Я-ж цябе пытаю, любы мой? — спакойна працягваў Аркадзій Паўлыч, не зводзячы з яго вачэй.

Няшчасны камердынер недарэчна патаптаўся на месцы, павярцеў сурвэткай і не сказаў ні слова. Аркадзій Паўлыч нахіліў галаву і задуменна паглядзеў на яго спадылба.

— Pardon, mon сher[1], — прагаварыў ён з прыемнай усмешкай, па-прыяцельску дакрануўшыся рукой да майго калена, і зноў утаропіўся вачыма на камердынера. — Ну, ступай, — дадаў ён, крыху, памаўчаўшы, прыўзняў бровы і пазваніў.

Увайшоў чалавек тоўсты, смуглы, чорнавалосы, з нізкім ілбом і зусім заплыўшымі вачыма.

— Наконт Фёдара… распарадзіцца, — прыказаў Аркадзій Паўлыч упоўголаса і зусім спакойна.

— Слухаю вас, — адказаў тоўсты і вышаў.

  1. Прабачце, мой дарагі.