Старонка:Апавяданні (Тургенеў, 1937).pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

— Voila, mon cher, les dèsagréments de la campagne[1], — весела заўважыў Аркадзій Паўлыч. — Ды куды-ж вы? — астанцеся, пасядзіце яшчэ крыху.

— Не, — адказаў я: — мне пара ісці.

— Усе на паляванне! Ох, ужо гэта мне паляўнічыя! Ды куды вы цяпер едзеце?

— За сорак вёрст адсюль, у Рабава.

— У Рабава? Ах, божа мой, ды ў гэткім выпадку я з вамі паеду. Рабава ўсяго пяць вёрст ад маёй Шыпілаўкі, а я-такі даўно ў Шыпілаўцы не бываў: усё часу вылучыць не мог. Вось як трапна атрымалася: вы сёння ў Рабаве зоймецеся паляваннем, а вечарам да мяне. Ce sera charmant[2]. Мы разам павячэраем, — мы возьмем з сабой повара, — вы ў мяне пераначуеце. Цудоўна! Цудоўна! — дадаў ён, не дачакаўшыся майго адказу. — C‘est arrangé[3]… Гэй, хто там? Каляску нам загадаць запрэгчы, ды хутчэй. Вы ў Шыпілаўцы не бывалі? Мне было-б сорамна прапанаваць вам правесці ноч у хаце майго бурмістра, ды вы, я ведаю, непераборлівы, і ў Рабаве ў пуні-б начавалі… Едзем, едзем!

І Аркадзій Паўлыч заспяваў якісьці французскі раманс.

  1. Вось, мой дарагі, вясковыя непрыемнасці.
  2. Гэта будзе чароўна.
  3. Гэта наладжана.