— Ды будзе чаму пылаць. Многа дроў там зложана. А яшчэ як прамочым газаю чырвонаю!..
— А яго?.. Што з ім будзем рабіць?
— Што рабіць… Сасмажым на ражэнчыку. Смачная скварка будзе…
— А хто-ж есьці будзе?
— Не бядуй: зямелька даўно прагаладалася.
Такі шорах чуўся за хаткай і раз-по-раз пошчакам па сьценах выбягаў зірнуць на вуліцу й абрываўся ў чорную ціш ночы.
А ў хатцы?
У хатцы ля лучынкі стаяў сын, а ўзапечку сядзела матка.
— І што ты сабе думаеш, у якуюты шкуру пусьціўся? Вой, вой! Што-б гэта сказаў табе бацька? Думаеш пагладзіў-бы, пахваліў? Дому свайго цураешся. Маткі сваёй ня хочаш пашкадаваць на старасьць. Каб цябе, мой сыночак…
— Мама, — абарваў сын, — годзі ўжо мне ўпікаць. Досыць я чуў тваіх пракленаў, але з дарогі, па якой я пашоў, ня сыйду ўжож.
Падышоў да стала, адкрыў настольнік і адрэзаў скібку чорствага хлеба.
— Бач, як голас ужо узьнімаеш! Ня можна ўжо й слова табе сказаць. Што-ж, хіба я табе ня матка?
Прытуліла хвартух да вачэй, і сама сабе ціха ўсхліпвала — прычытвала: