Я вышаў у людзі, толькі адно шчыміць у мяне жаданьне каб і ты, і суседзі нашы, гэткія, як і мы, таксама вышлі ў людзі. Ды вось чаму, мамка, ня пілнуюся дому. Вось чаму, як ты кажаш, у сабачую шкуру пусьціўся. Паноў, мамка, трэба зьнішчыць, зямельку ад іх адабраць. Атрахнуцца ад дзядоўскіх сьлядоў. Страсянуць дзядоўскую веру треба, мамка. На месца долі сьлязьлівай свой лёс трэба з розумам заручыць…
— Стук, стук, стук — забарабаніла штось у мыцельнае вакно.
— Нехта быццам стукае. Глянь у вакно. Ды запалі другую лучыну, а то, бачыш, скора стухне, — нібы прабудзілася матка.
Прабудзіўся, апамятаўся і сын.
— Гэта-ж я забыўся: мяне чакаюць там хлопцы. Я забег узяць хлеба. Яны ад раньня шчэ і крошкі ў роце ня мелі.
— Хто-ж яны? Няхай-бы ў хату зашлі, — адазвалася матчына сэрца матчыным голасам.
— Гэта хлопцы, што хаваюцца ад жандараў. У хаце небясьпечна. Дык я пайду. Ці ёсьць, мама, хлеб у нас.
— Ды вось толькі на стале.
— Ну, то хай, мы дастанем у Язэпа.
— То бяры, а я і так, з бульбаю перабуду, — гаварыла матчына сэрца.
І сын пасьпешна з кавалачкам хлеба вышаў з хаткі.
— Мамка, толькі ня плач і не праклінай мяне. Я вярнуся з новымі весткамі.