аздабляць-успрыгажаць палеткі свае — шырокія прасторы.
Тут былі ўсе, хто волі ўжо паспытаў. Тут быў і Якім, і Рыгор, і Зьмітрок, і Антось… Шмат іх было тут. Усе яны прагліся як найхутчэй пазбыць ненавісны ім налёт бела-польскіх груганоў, якіх яны сабе выяўлялі, ў першую чаргу, у васобе тутэйшага пана, што вярнуўся ў сваё гняздо і тхнуць не даваў сялянам. Пра яго гэта шапацела грамадка каля хаты Іваніхі. Пра яго і яго гняздо бурлілі і тут.
— Ды хадзем і так шмат часу прабавілі дарэмна.
— Хадзем і спапелім усё.
— Хай памятае драбіны.
— Хай памятае атаву й каровы.
— Засьвіргочуць хай у вушшу яму бізуны, што спаласавалі маю сьпіну.
Кожны гарэў адным гневам, адной помстай. Усім жадалася зьнішчыць да тла панскую сялібу.
— Дык годзі, хлопцы, чухацца. А той да дня таго прасядзімо і нічога ня зробім.
— Якім, што гэта ты некі задумны?
— Мо’ раздумаў ўжо. А памятаеш, што казаў, як толькі мы зьбіраліся яшчэ. Казаў: „сам уласнай рукой падпалю“.
— А гэта, як забег дамоў, штось задуманы стаўся.
А й шмат перавярнулася ў Якіма.