На вуліцы адно дзеці сям там дурэюць, сьмяюцца. І да майго вуха ня раз далятаў пісклівы галасок:
— Я бальшавік а ты?..
— Ты будзь нібы пан, а мы цябе праганяць…
Вось наліха вам, як вы ўсё скора пераймаеце, — падумаў я, і неяк весела на душы зрабілася.
Праяждаю.
Бачу будынак большы, як звычайныя хаты. Нават гонтамі пакрыты. Нешта й напісана на ім, але, ведама, як неграматны, я й не разабраў што.
Але мяне больш за ўсё заняла думка, як гэта яны ад зямлі адцураліся, як казала тая бабуля. Вот хочацца ў каго распытацца, як улетку піць. Аж бачу перада мною йдзе чалавек з касою. Я гэта таркануў свайго гнядога. Думаю — напэўна красназорац.
— Насенажаць?.. Прысядзь, пад’едзеш крышку, — а у самаго на вуме, каб распытацца, дык так і смажыць-карціць.
— З Красназорак? Касіць?..
— Але. Балота там кавалак быў, дык сёньня трэба скончыць.
— Каму-ж гэта косіце?.. Я чуў, — вы зямлі адцураліся. — Ня верылася мне, як убачыў я чалавека з касою.
— Да яно так, можна сказаць, адцураліся, але-ж косім сабе.
— Як гэта адцураліся й косім?