кіх межах, так што здалёк зусім хаваліся ў ім вузкія палосы…
І вытрасаючы мякіну з лапцёў на двары і стукаючы цэпам, Павал не пакідаў думаць.
Гэтыя думкі, цяжкія для яго няпрывычнай галавы, блытаныя, як павуценьне, пачалі зьяўляцца ў Паўла патроху і няпрыкметна за апошнія часы…
Прыяжджалі раз людзі з гораду, тры дні былі ў вёсцы і адзін з іх дзьве ночы начаваў у Паўлавай хаце.
Былі тады два сходы ў вёсцы і мала хто хадзіў на іх — не хацелі слухаць „гарадзкіх абармотаў“, сьмяяліся над імі.
— Гэ-э! — гаварылі, — горад аб‘елі, ўжо тут умацавацца хочуць, харчоў там не хапіла; хітрыя! Па вёсках распаўзацца сталі.
І тыя ўтрох, спатканыя халоднай сьцяной ледзянога недавер‘я бясхітрасных вяскоўцаў, прасядзелі паўдня на гнілых бярьвеньнях у канцы вёскі, не дачакаўшыся сходу. І так разышліся па хатах нанач.
З паўвечара Павал нічога не гаварыў з сваім начлежнікам.
У той дзень зранку хадзіў ён па ральлі і поўныя лапці набілася яму пяску. І цэлы дзень ня меў ён часу высыпаць пясок з лапцёў. Вечарам сьпяшаў зашыць хамут, каб скарэй зрабіць гэта. Каравымі пальцамі перабіраў ён дратву і маўчаў, сагнуўшыся ў кутку.
Начлежнік падышоў к Паўлу.
— Цёмна шыць — сказаў ён.