Старонка:Апавяданьні (Чорны, 1925).pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

можна было-б браць. А то што так браць — аднаму будзе добра, а мільёнам — таксама. Мы йначай „бяром“ — у нас другая дарога вызначана. І робім мы ўсё патроху, няпрыкметна зразу. Загэтым мала хто бачыць гэта. Вось ты й гаварыць са мною ня хочаш. На сход сягоньня ні адзін ня прышоў. А мы не апускаем рук, бо йначай нічога ня будзе, зразу нельга зрабіць…

Тады Павал апусьціў хамут з кален на зямлю і слухаў:

— … Ты думаеш я ня ведаю, чаму ты са мною гаварыць ня хочаш, чаму ніхто сягоньня ня прышоў на сход слухаць нас? Я сам — гэта ты, і ўсё я ведаю. Рос я так, як і ты, як і ўсякі той, хто потым робіцца мужыком; З шасьцёх год — ня можа ён ужо расьці на волі, а бярэцца за работу. Гаварыць яшчэ не навучыцца, а ўжо з пугаю па полі бегае. Уварвецца ў засеў скаціна, а сусед зловіць яго, ды натрасе за вушы. Дзіця — ногі у яго папрабіваты іржышчам, раны залеплены зямлёю і ён з плачам пабяжыць кульгаючы па полі. А раніцаю ён як няжывы сьпіць, набегаўшыся за дзень. Сонца яшчэ ня ўзышло, а ты яго цягнеш з пасьцелі. Усхваціцца ён сонны, вочы заплюшчаны, і зноў кінецца, а ты зноў валачэш, сьцягаеш яго з пасьцелі. Здаецца, стаў-бы тады перад ім на калені: на, забі мяне, гада, за ўсё гэтае. А што ты вінават? Таксама, як і ён. Вінавата жыцьцё і зьмяніць яго трэба. Вось чаму пакінуў я свой