Валакіткін, расплыўшыся ў шырокую ўхмылку, ціханька падышоў к яму і стаў на пальчыках. Той нічога не запрыкмеціў.
— Кхэў-кхэ, — уважліва кашлянуў Валакіткін, каб зьвярнуць на сябе ўвагу.
Чалавек падняў вочы і зноў апусьціў.
— Мыла ў вас, товарыш, рагамі па сьпіне пашло. Гэта добра — усю гразь абьесьць.
— Натое яно й мыла, каб ад гразі бараніцца.
— Спавядліва сказалі, таварыш… Кхэ — кхэ… кхэ… кхэ… Вось ліха на яго, чалавечыя рукі кароткія — усякае месца на сваім целе можаш памыць, а сьпіны вось не дастанеш. Дайце я вам, таварыш сьпіну памыю.
— Я й сам памыю.
— Вам нявыгадна; дайце я. Давайце рагожку… Просьценька вы мыецеся — рагожкаю… Прастата — гэта добрачыннасьць. Давайце, таварыш, адно рагожку.
Валакіткін упіліўся ў „рагожку“ і стаў цягнуць к себе. Чалавек не падаваўся. І тут-жа падасьпела дапамога Валакіткіну: справа падскочыў Разьнюхайлін, зьлева дзядзя Стафанковіч. А дзядок не знаходзіў месца, дзе-б уляпіцца і бегаў, як апараны, вакол.
— Што вы маеце да мяне?!..
— Нічога, таварыш, давайце рагожку.
— Ды вось мая рагожка, — вылепетаў дзядок.
— Станавіцеся, таварыш, ракам, або прыпірайцеся рукамі на лаўку й падстаўляйце сьпіну.