Старонка:Апавяданьні (Чорны, 1925).pdf/36

Гэта старонка не была вычытаная

пустога ў парожняе. У цемнаце чутно было на вуліцы, як калі-ні-калі адчыняліся скрыпучыя дзьверы, як, грукаючы ботамі, выходзілі на ганак людзі.

— А, браткі-ж мае, — гаварыў часам „Дзядзька“, спускаючыся з мокрага ганку, — вось цемрыва, хоць на воўка ўссунься, а-я-яй!

— Страшэнная моц, — адказвалі аднекуль з цемнаты, і ўслед за тым пары тры ботаў пачыналі мясіць грязь са сьнегам на мокрай вуліцы.

Максімка пастаяў каля плоту, выждаў, як нікога ня было на ганку, і палез на яго. Потым патупаў трохі ў сенцах, раздумваючы — ісьці ці — не. Рашыў зайсьці і, абмацаўшы клямку, пацягнуў к сабе. Дзьверы скрыпнулі й адчыніліся.

Гаваруны яшчэ не пакінулі гаварыць. Праўда, гаворка была трохі іншая і вялася яна ўжо трохі йначай. Міхалка Сьляпенькі ўжо ня так шпарка перабягаў з кутка ў куток, а Алесь Манцівода саўсім ўжо маўчау і нешта думаў, ці можа драмаў, стоячы адзін, пасярод памяшканьня, наодшыбі ад усіх. Галава яго апусьцілася ўніз, сівенькая бародка ўперлася ў грудзі, ад чаго ён прыняў выгляд старэнькага казла, задумаўшага на старасьці год бароцца.

Гаваруны гаварылі ўжо ня толькі аб падатку, але й аб многім іншым, што каму лезла ў голаў. У адным кутку гаварылі аб тым, ці ня грэх гэта местачковаму папу ад таго, што