Каб хто запытаў яго:
— Вернешся ты, Максімка з гораду?
— Вярнуся, — з цьвёрдаю ўпэўненасьцю адказаў-бы Максімка ўва ўсякую мінуту.
— Будешь ты там пакутаваць?
— Не абавязкова адказаў-бы Максімка.
— А чаго-ж ты баішся?
— Старшна нек, ліха на яго. Вось які быў-бы пэўны Максімкаў адказ. Усё гэта ён і адчуваў у сабе, паглядаючы праз вакно на свае мяшкі.
Пачало гэта зьяўляцца ў яго з самага сходу. Усе дні ён, корпаючыся каля свайго гумна, паволі складаў усё на дварэ ў парадак, саломка за саломкаю, дубец за дубцом.
— Няхай будзе ўсё ў парадку, — думаў ён, — калі хто й гляне, дык за што ён ка мне прычэпіцца, ні ў чым я не вінават. А за што к яму мог хто прычапіцца, ці ў чым яго маглі абвінаваціць — ён ня думаў аб гэтым.
Раней за ўсіх прыгатаваў ён сваё жыта, а калі ў яго пыталі, ці гатоў ён, ён цьверда адказваў:
— Як небудзь трэба гатавацца, каб пасьпець вязьці разам з усімі.
Напярэдадні ад‘езду Максімка пашоў на змроку к свайму, суседу Тодару, якога лічыў за чалавека сталага, няздольнага да насьмешак над другімі і доўга радзіўся з ім, як выяжджаць. Цэлую гадзіну вырашалі яны ўдвух пытаньне — ці браць на ўсякі выпадак