— Уга, як бачыш! Ён ужо Рыгора ўгледзіў, — апраўдваўся Рыгор.
— Эй, ты, чаму ня едзеш?!
— Ну, а ты?!
Цераз некалькі хвілін на вуліцу вышаў з двара хлапец. Ён глянуў управа і ўлева па вуліцы, скрывіў свае брытыя губы ўхмылкай, і, ляпаючы па халявах пужальнем пашоў назад у двор і хутка ўжо выехаў адтуль. Як толькі загрукаў ён калясьмі па мёрзлай зямлі, з усіх двароў рынуліся фурманкі; на вуліцы раптоўна стала шумна і людна. Цмокалі на коняй мужчыны, грукалі й скрыпелі вазы…
ІV.
Ссыпны пункт, дзе сяляне здавалі падатак, быў за горадам, пры чыгуначнай станцый. З усяго павету зьяжджаліся сюды сяляне, і загэтым заўсёды тут было людна і шумна. Пусты, пажоўклы выган, заўсёды тут быў зацярушан сенам і саломаю, заўсёды пахла тут пылам ад збожжа і конскім потам і заўсёды чуўся тут гул людзкіх галасоў.
Часам, і вельмі часта, прыяжджала сюды некалькі сот фурманак. Не маглі яны ўсе ў адзін дзень здаць свой падатак і стаялі па некалькі дзён. Тады начамі гарэлі тут агні, чорныя фігуры людзей пры агнёх прымалі фантастычна-грубы выгляд, галасы гулі стрымана, цішэй. Змрок доўгае асеньняе ночы дрыжаў ад агнёў, і калі агні палалі ясьней,