наперадзе смутна пачыналі вырысоўвацца няясныя абрысы гораду.
Раніцаю прыходзілі сюды прыёмшчыкі падатку, і начныя вартаўнікі пакідалі базы. Тады целыя сотні мужчын лезьлі к дзьвярам і тлумачылі адзін перад адным, што ўсе іншыя прыехалі пазьней і толькі іх, некалькі чалавек, даўно ўжо, больш за ўсіх чакаюць. І выходзіла, такім чынам, што ўсякі мае права на тое, каб у яго першага прынялі падатак. Наагул кажучы, усе былі першымі, апошніх ня было — так выходзіла, паглядзеўшы й паслухаўшы ўсяго тут.
У гадзін дзесяць раніцы Максімка пачаў дагаварвацца ў мужчын, каб як гэта начаць здаваць, але Тодар парадзіў.
— Чаго сьпяшаць, не бяром, а аддаем, пасьпеем…
Мужчыны асьмяялі Тодара, і яму прышлося разам з другімі йсьці на ганак базы. Некалькі мужчын праціснуліся ў дзьверы, дзе сядзеў прыёмшчык з паперамі…
— Чаго ты, Тодар, астаўся? — загукалі яны Тодару, — хадзем разам, будзем гаварыць.
— Вось я адно йначай буду рабіць — абазваўся Тодар і падаўся ў бок. Там стаяў стары чалавечак, у кароценькім кафтаніку, падпяразаны вяровачкаю. Дзяржаў ён у руках граблі й мятлу і строіўся зграбаць гной каля баз. Гата быў стораж пры базах. Тодар накіраваўся да яго.