— Каб гэта як-небудзь, таварыш, прадналог гэты самы здаць, — пачаў прасіць Тодар.
Стары адставіў у бок сваю мятлу, важна надзьмуў вусы і сказаў:
— Ды як-небудзь трэба прыняць.
І яшчэ боль надзьмуўся, мусіць, каб паказаць, што й ён тут грае нейкую ролю.
— А дзе здаваць? — запытаў зноў абнадзежаны Тодар.
Стары аўтарытэтна заявіў:
— Гэта бяда адно, што мне трэба якраз ісьці гной зграбаць, а то мы як бачыш-бы…
І, сказаўшы гэта, кашлянуў для важнасьці й запусьціў свае граблі зубамі ў кучу гною. Тодар паволі пашоў назад к ганку.
А там ужо, як у раскіданым муравейніку, усё кішэла й варушылася. Там, дзе важылі жыта, мужчын было, як вады ў поўным збанку. Там крычалі, апраўдваліся, пылілі жытам, паказваючы, што яно бяз пылу, невядома зачым лаяліся адзін з адным… А Максімка ўжо краткаў, коцячы па зямлі перад сабою свой мяшок.
— Ну, й народ — гукаў прыёмшчык — памаглі-б вы яму!
— Дык-жа я сваё зьнімаю, — абазваўся кожны з мужчын, — цяпер-жа мая чарга.
Прыёмшчык насьмешліва гукнуў:
— Дык-жа вы ўжо ўсё ссыпалі!
— А я яшчэ не!
Гэта пракрактаў Тодар, валакучы ўсьлед за Максімкам мяшок.