Старонка:Апавяданьні (Чорны, 1925).pdf/51

Гэта старонка не была вычытаная

вазы жыта і павязьлі па крывых вуліцах у заежджы дом Дрэйзіна.

Пачынала цямнець.

VІ.

У той дзень у Дрэйзіна начавала многа народу. Вялікі начлежніцкі пакой быў запоўнен людзьмі. Сама больш было тут балаголаў, сялян было саўсім мала. Былі тут і так нейкія, невядома якія людзі. Цэлы вечар яны вялі між сабою свае асобныя гаворкі, вырашалі нейкія справы, шапталіся часта з Дрэйзіным, які таксама, як і ўдзень многа бегаў і часта садзіўся за стол лічыць грошы. Нейкія цёмныя, невядомыя людзі, цягалі сюды аднекуль мяса, рыбу, мяшкі з мукою і бяз мукі і многа чаго іншага.

Увесь вечар, ня гледзячы на холад, дзьверы не зачыняліся. Балаголы бесперастанку выходзілі на двор глядзець коняй, хадзілі на кухню, насілі адтуль гуркі, смажаную рыбу і ўсё тое, чым прымала іх гасьцінная Дрэйзінава кухня.

Са столі спускалася ўніз вялікая лямпа. Вакол яе кучкамі цясьніліся людзі, лічачы пры агні грошы, прачытваючы нейкія запіскі, надпісы на нейкіх скрыначках. Ува ўсім пакоі ня было дзе павярнуцца. Усё тут варушылася, крычала, спрачалася, ашуквала адно аднаго, хітрыла адно перад адным, таптала пад ногі ўсё чужое.

І, гледзячы на гэтых клапатлівых людзей, зразу кідалася ў вочы тое, што ўсе яны так