Старонка:Апавяданьні (Чорны, 1925).pdf/60

Гэта старонка не была вычытаная

— Хэ хэ! А то! якое-ж яшчэ поле бывае!

— А дзе гэтая кніжка друкавалася?

— Ды тут-жа, у горадзе.

— Ну?!

Максімка нясьмела падыйшоў к сталу і ўзяў книіжку. Пакой апусьцеў. Астаўся адзін толькі лектар. Ён зьбіраў з свайго стала нейкія раскіданыя паперы і кніжкі.

На сярэдзіне кніжкі, Максімка ўбачыў малюнак: голыя дзеравы каля хат і на полі арэ чалавек.

Узбуджаны Максімка загарнуў кніжку і падышоў к лектару:

— Дык гэтая, значыць, кніжка друкавалася тут, у горадзе?

— У горадзе. А што?

Максімка мяўся на адным месцы і маўчаў.

— А вы адкуль?

— Ой, здалёку, за сорак вёрст…

Лектар раптоўна кіўнуў к сабе галавою іпашоў. Максімка рушыў за ім.

У кутку дастаў лектар з шафы зьвязак кніжак і даў Максімку,

Максімка паглядзеў на кнігі, потым на „гарадзкую“ электрычнасьць у сябе над галавою. І нешта радаснае затрапяталася — забілася ў ім. І недзе ў глыбіні, на граніцы пачуцьця й думкі, зьявілася ў ім нешта такое:

— У адным горадзе два гарады. Ня знаў я дзе шукаць свайго гораду…