Старонка:Апошняе спатканьне (1919).pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

ЯКІМ. Успомні… мне́ хутчэй — пра ўсё, пра ўсё, што ўзбагаціць маю душу, успомні.

НАТ. Якім! Ці помніш ты пра тыя зоры, каторыя ўглядаліся на нас, як мы сядзе́лі з табою на курганчыку і ты пе́ршы раз сказаў, што кахаеш мяне́, а сенажаткі, а тыя кве́ткі, а сьпе́вы шчасьлівых птушак, а тую каплічку, гдзе мы маліліся і тоя рэха ад званоў, што працяжна плыло над борам… Якім, Якім, ці помніш ты?

ЯКІМ. Рэха ад званоў, ці помню я? і той курганчык, гдзе застыла як сфінкс слова мае́ прысягі — помню…
Наталка! ніколі, пакуль буду жыць, я не забудуся — той звон з каплічкі, як гымн вясны, у промежку з птушыным сьпе́вам гудзіць і па сягоньня ў маіх вушах, я ім жыву, я вёскай дыхаю, мне́ не́ба ме́ста нічога не дало… я бе́дзен тут, тут стогн пакутны людзе́й замучаных цяжбой… Я там гдзе рэха ад званоў, я там…

НАТ. А там, цяпе́р вясна, і птушкі ў чароўным ле́се прывітаюць хараство яе́, і поруч з гэтым сьпе́вам у хатцы, гдзе жывуць бацькі, уторыць пакутны стогн старых аб дзе́тках заблудзіўшыхся ў нязнаных пуцявінах жыцьця. Якім, калі ты памятуеш словы тае́ прысягі, калі ты цэніш той спрадве́чны курганок, паслухай аб адным… паслухай, яшчэ ня позна, яшчэ магчымасьць ёсьць.

ЯКІМ. І што?

НАТ. Пакінем усё, пакінем гэтае шэрае сцюдзёнае не́ба і ўцячом туды, гдзе кожны кусьцік, кожная галінка, нашае роднае, і сэрцу роднае ўсё. —
Якім, — я заклінаю цябе́ ве́рай прадзедаў, я заклінаю ўсімі тымі ўспамінамі, ня йдзі, пакінь — яшчэ ня позна.