Старонка:Апошні з магікан.pdf/100

Гэта старонка не была вычытаная

няй крошкі; калі я памыляюся, няхай скажуць, што я зусім не ведаю макуасаў.

Малады магікан зараз-жа пайшоў выконваць загад разведчыка. Сакалінае Вока нявесела перабіраў бескарыснае змесціва сваёй сумкі і дарэмна стараўся выскрабсці порах з сваёй пустой парахоўніцы. Яго невясёлую работу хутка перапыніў моцны і праразлівы крык Ункаса. Нават для нявопытных вушэй Дункана крык маладога магікана здаўся сігналам новай, неспадзяванай бяды. Хейвард умомант ускочыў, зусім запамятаўшы на небяспеку, якую мог стварыць для сябе, выпрастаўшыся на ўвесь свой высокі рост. Нібы падаючыся яго пабуджэнню, усе астатнія таксама кінуліся ў вузкі праход паміж двума пячорамі. Яны рухаліся так шпарка, што стрэлы іх ворагаў прапалі дарма. Крык Ункаса прымусіў сясцёр і раненага Давіда выйсці з свайго прытулку, і хутка ўсе зразумелі, якое няшчасце прывяло ў жах маладога індзейца.

Недалёка ад кручы відзён быў лёгкі човен разведчыка; ён нёсся па рацэ, відавочна, кіруемы нейкім нябачным плыўцом. Калі позірк Сакалінага Вока заўважыў непрыемнае для яго відовішча, ён умомант прыцэліўся і спусціў курок; бліснула іскра крэмня, але ствол не адказаў стрэлам.

— Позна! — ускрыкнуў Сакалінае Вока і ў роспачы кінуў бескарысную стрэльбу на зямлю. — Гэты злодзей мінуў месца быстрага цячэння, і, нават, калі-б у нас быў порах, я не здолеў-бы спыніць яго куляй.