Старонка:Апошні з магікан.pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

правадыра, не мае моцы, каб адабраць жыццё ў Хітрай Лісіцы.

— Правадыр Лісіца занадта храбры, каб памятаць пра раны, атрыманыя ў баі, або пра рукі, якія нанеслі іх.

— А хіба ішла вайна, калі індзеец адлачываў пад цукровым дрэвам і хацеў паесці хлеба? Хто напоўніў кусты падпаўзаючымі ворагамі? Чый язык гаварыў пра мір, калі яго душу залівала кроў? Хіба Магуа сказаў, што тамагаук выкапаны з зямлі і што яго рука выкапала баявую сякеру?

Дункан не адважыўся ўспомніць ворагу пра яго здрадніцтва; не хацеў ён таксама павялічыць яго злосць якімі-небудзь апраўданнямі і таму нічога не адказаў. Магуа, здавалася, таксама вырашыў спыніць далейшыя размовы; ён зноў прыхіліўся да скалы, ад якой на момант адышоў у часе гневу. Калі нецярплівыя дзікуны заўважылі, што кароткая гутарка паміж белым і Лісіцай скончылася, яны зноў закрычалі: «Доўгі Карабін!»

— Чуеш? — раўнадушна сказаў Магуа. — Гуроны патрабуюць жыцця Доўгага Карабіна, і, калі іх не здаволіць, яны заб’юць тых, хто хавае яго.

— Яго няма тут. Яны не могуць схапіць яго.

Лісіца холадна ўсміхнуўся і з пагардай адказаў:

— Калі белы памірае, ён думае, што для яго надышла хвіліна спакою, але чырвонаскурыя умеюць мучыць нават здані сваіх ворагаў. Дзе яго цела? Няхай гуроны ўбачаць яго скальп.

— Ён не памёр; ён уцёк.

Магуа недаверліва паківаў галавой.