Старонка:Апошні з магікан.pdf/121

Гэта старонка не была вычытаная

— Хіба ён птушка і можа выпростваць крыллі? Хіба ён рыба і ўмее плаваць, не дыхаючы паветрам? Белы правадыр лічыць гуронаў дурням!

— Праўда, Доўгі Карабін не рыба, але ён умее плаваць. Калі ўвесь яго порах быў спалены, а вочы гуронаў засланіла воблака, ён паплыў уніз па цячэнню.

— А чаму-ж белы правадыр астаўся? — усё яшчэ недаверліва запытаў Магуа. — Хіба ён камень, які ідзе на дно? Або скальп пячэ яму галаву?

— Я не камень, гэта мог-бы табе сказаць твой забіты таварыш, які зваліўся ў вадапад, — з раздражэннем адказаў Дункан, у прыпадку абурэння ўжываючы тыя выхваляльныя словы, якія маглі выклікаць павагу індзейца. — Але белы лічыць, што толькі баязліўцы кідаюць жанчын.

Магуа прамармытаў скрозь зубы некалькі слоў, яхія цяжка было разабраць і працягваў голасна:

— А дэлавары плаваюць таксама добра, як поўзаюць у кустах? Дзе Вялікі Змей?

Мяркуючы па гэтых канадскіх мянушках, Дункан зразумеў, што гуроны значна лепш ведалі яго нядаўніх таварышоў, чым ён сам, і неахвотна адказаў:

— Ён таксама паплыў па цячэнню.

— А Быстры Алень?

— Я не ведаю, каго ты называеш так? — адказаў Дункан, карыстаючыся магчымасцю зацягнуць гутарку.

— Ункаса, — адказаў Магуа, вымаўляючы дэлаварскае імя з яшчэ большай цяжкасцю, чым англійскія словы.