Старонка:Апошні з магікан.pdf/131

Гэта старонка была вычытаная

Калі-б пануры Магуа хоць чым-небудзь падбадзёрыў Хейварда, Дункан, вядома, загаварыў-бы з ім. Але Лісіца рэдка азіраўся назад і ні разу не прамовіў ні слова. Кіруючыся толькі сонцам ды тымі ледзь бачнымі прыкметамі, якія вядомы адным тутэйшым жыхарам, Лісіца ішоў па аголенай глебе хваёвага лесу або пераходзіў цераз ручаі; чуццё дапамагала яму рухацца амаль па простай лініі, як ляціць птушка. Ён ні разу не задумаўся. Ці была перад ім ледзь прыкметная сцежка, ці знікала яна зусім або цягнулася добра пратаптаная сцежка, — ён ні разу не прыцішыў і не паскорыў крокаў.

Нарэшце, Магуа прайшоў цераз нізкую лагчыну, па якой бег вясёлы ручай, і пачаў падымацца на гару па такому крутому схілу, што Кора і Аліса вымушаны былі сыйсці з коней. Калі падарожнікі дасягнулі верхавіны ўзгорку, яны апынуліся на роўнай пляцоўцы, зарослай рэдкімі дрэвамі. Пад адным з іх прылёг Магуа, якому, як відаць, хацелася скарыстаць адпачынак, неабходны таксама і для астатніх.


РАЗДЗЕЛ XI

Індзеец выбраў месцам стаянкі адзін з крутых пірамідальных, падобных на штучныя насыпы, узгоркаў, якія так часта сустракаюцца на амерыканскіх раўнінах. Верхавіна гэтай узвышанасці з’яўлялася роўнай пляцоўкай, адзін-жа са схілаў яе быў надзвычай крутым. Узгорак здаваўся пазіцыяй, якая выключала ўсякую магчымасць не-