Старонка:Апошні з магікан.pdf/160

Гэта старонка не была вычытаная

дзяквалі нам! Тут, у гэтай непраходнай глушы, з нетраў зямлі б’е струмень крынічнай вады, у параўнанні з якім самы багаты аптэкарскі склад ва ўсіх калоніях нічога не варты. Гляньце вось! Дурні вытапталі гліну, забрудзілі, спаланілі цудоўнае месца, нібы неразумныя звяры, а не чалавечыя істоты!

Між тым, Ункас моўчкі падаў яму чарпак, які Сакалінае Вока не заўважыў у прыпадку абурэння, хоць ён вісеў на галінцы вяза. Набраўшы вады, разведчык адышоў ад крыніцы на больш сухое і цвёрдае месца; тут ён спакойна сеў, з прыемнасцю адхлябнуў некалькі вялікіх глыткоў і стаў уважліва разглядаць рэшткі харчоў, схаваных у мяшок, які вісеў у яго на руцэ.

— Дзякуй табе, хлопчык, — сказаў ён, аддаючы пусты чарпак Ункасу. — Цяпер мы паглядзім, чым ласаваліся гэтыя паўзучыя гуроны, калі хаваліся ў засадзе. Бачыш, гэтыя зладзюгі здолелі распазнаць лепшыя часткі аленя. Але мяса асталося сырым; іракезы — сапраўдныя дзікуны! Ункас, вазьмі маё крэсіва ды раскладзі агонь; кавалак смачнай яды дапаможа нам набрацца сілы пасля доўгай дарогі.

Хейвард дапамог Коры і Алісе злезці з коней і сеў на траву, радуючыся магчымасці адлачыць пасля нядаўняй жахлівай і крывавай справы. Пакуль Сакалінае Вока гатаваў яду, маёр завёў з ім гутарку.

— Як магло здарыцца, што вы з’явіліся да нас, мой вялікадушны друг? — запытаў ён. — І без дапамогі з боку гарнізона з форта Эдуард?