Старонка:Апошні з магікан.pdf/178

Гэта старонка не была вычытаная

Птушкі, звяры і людзі, калі яны знаходзіліся сярод галін, спалі глыбокім, непрабудным сном. Слабае і ласкавае цурчанне ручайка вызваліла праваднікоў з немалой цяжкасці. Сакалінае Вока і магікане зараз-жа павярнулі ў напрамку да ручая.

Паблізу берагу ручая Сакалінае Вока, зрабіўшы другі прывал, зняў з ног макасіны і прапанаваў Хейварду і Гамуту зрабіць тое-ж самае. Потым увайшоў у ваду, і каля гадзіны маленькі атрад ішоў па рэчышчу ручая, не пакідаючы пасля сябе слядоў. Месяц ужо схаваўся за вялізныя клубы чырвоных хмар, якія згрупаваліся ў заходняй частцы гарызонта, калі падарожнікі пакінулі мелкі і звілісты ручай і зноў апынуліся на пясчанай, зарослай лесам нізіне. Тут паляўнічы, як відаць, стаў значна спакайнейшым; цяпер ён ішоў з упэўненасцю і хуткасцю чалавека, які ведае, што рабіць. Хутка сцежка зрабілася менш роўнай, і падарожнікі заўважылі, што яе з абодвух бакоў сціскаюць горы і што ім неўзабаве давядзецца ўвайсці ў адну згорных цяснін. Тут Сакалінае Вока спыніўся і, пачакаўшы астатніх, загаварыў у поўголаса:

— Лёгка вывучыць лясныя сцежкі, навучыцца шукаць салёныя крыніцы і ручаі ў лясной глушы, — сказаў ён. — Але хто з тых, хто бачыць гэтае месца, адважыцца сказаць, што цэлы атрад можа хавацца сярод гэтых маўклівых дрэў і каменных схілаў?

— Значыць, мы ўжо недалёка ад форта Уільям-Генры, — запытаўся Хейвард, падыходзячы да разведчыка.