Старонка:Апошні з магікан.pdf/204

Гэта старонка не была вычытаная

удумліва і сур’ёзна, Мунро дадаў: — А між тым у гэтым пісьме магло — не, павінна было — быць што-небудзь патрэбнае для нас!

— Нам трэба прыняць хуткае рашэнне, — сказаў Дункан, карыстаючыся пераменай настрою свайго начальніка, каб перайсці да самай важнай мэты гутаркі. — Не магу скрыць ад вас, сэр, што лагер не можа доўга пратрымацца, і са смуткам дадам, што і ў самым форце, як відаць, справы мала лепшыя: больш паловы гармат узарваныя.

— А хіба магло быць інакш? Частку гармат мы вылавілі з дна возера, другія іржавелі ў лясах з часу адкрыцця гэтай краіны, трэція ніколі і не былі гарматамі — бяздзеліцы, і толькі. Няўжо вы думаеце, сэр, што ў гэтай пустыні, на адлегласці трох тысяч міль ад Вялікабрытаніі, магчыма мець добрыя гарматы?

— Сцены абвальваюцца; харчы пачынаюць вычэрпвацца, — працягваў далей Хейвард; — нават сярод салдат заўважаюцца адзнакі незадавальнення і трывогі.

— Маёр Хейвард, — сказаў палкоўнік і павярнуўся да свайго маладога таварыша з усёй паважнасцю, якую яму надавалі ўзрост і вышэйшы чын. — Дарэмна праслужыў-бы я поўсотні гадоў, пасівеўшы на службе, калі-б не ведаў усяго, што вы сказалі, і не разумеў нашых не зусім важных спраў; тым не менш мы павінны памятаць, што гонар нашай арміі і наш уласны яшчэ не пацярпелі. Да таго часу, пакуль будзе надзея на падмацаванне з боку генерала Вэба, я буду абараняць гэтую крэпасць, хоць-бы пры дапамозе камен-