— Клянуся гонарам, не! — палка ўскрыкнуў Дункан. — Калі-б я скарыстаў выгады майго становішча і выказаўся, я парушыў-бы ваша давер’е.
— У вас паняцці сапраўднага джэнтльмена, маёр Хейвард, і гэта вельмі пахвальна. Але Кора Мунро — скромная дзяўчына і не патрабуе ніякай апекі, хоць-бы і апекі бацькаўскай.
— Кора?
— Так, Кора. Мы-ж гаворым пра вашы дамаганні на руку міс Мунро, сэр?
— Я… я… я… Здаецца, я не ўпамінаў імя, — запінаючыся, прамовіў Дункан.
— Дык чыёй-жа рукі вы прасілі ў мяне, маёр Хейвард? — запытаў стары воін, не хаваючы сваіх абражаных пачуццяў.
— У вас ёсць другая і не менш прыгожая дачка.
— Аліса! — ускрыкнуў стары з такім-жа здзіўленнем, з якім Дункан нядаўна паўтарыў імя яго старэйшай дачкі.
— Так, я кахаю яе.
Малады чалавек моўчкі чакаў вынікаў сваіх слоў, якія былі такімі неспадзяванымі для Мунро. Палкоўнік доўга хадзіў па пакоі вялікімі і шырокімі крокамі; яго суровы твар уздрыгваў, і, здавалася, ён глыбока задумаўся. Нарэшце, стары спыніўся супроць Хейварда і, зірнуўшы яму ў вочы, сказаў:
— Дункан, я любіў вас дзеля таго, чыя кроў цячэ ў вашых жылах; я любіў вас за вашы ўласныя якасці; нарэшце, любіў, думаючы, што вы дасцё шчасце маёй дачцэ; але ўся мая любоў