Старонка:Апошні з магікан.pdf/245

Гэта старонка не была вычытаная

паўнялі крывавае поле. Многія дзікуны кідаліся да спевака і маладых дзяўчат, спадзеючыся аграбіць безабаронных і забраць з сабой іх скальпы; але ўбачыўшы дзіўную нерухомую постаць натхнёнага спевака, яны, спыняючыся на момант, прабягалі міма. Іх здзіўленне хутка ператварылася ў зачараванне, і яны накіроўваліся да менш мужных людзей, хвалячы цвёрдасць, з якой белы воін спяваў сваю прадсмяротную песню. Падбадзёраны і ашуканы гэтым поспехам, Давід узвысіў голас, каб узмацніць, як ён думаў, уздзеянне свайго гімну. Але здарылася якраз адваротнае. Гукі яго песні звярнулі на сябе ўвагу індзейца, які прабягаў міма. Гэта быў Магуа. Зразумеўшы, што яго былыя палонніцы зноў могуць апынуцца ў яго руках, Лісіца з дзікім і радасным крыкам кінуўся да іх.

— Пойдзем, — сказаў ён, хапаючы акрываўленай рукой плацце Коры. — Вігвам гурона ўсё яшчэ адчынены для цябе. Хіба яго жыллё не лепшае за гэтае месца?

— Прэч, — крыкнула Кора і закрыла рукой вочы, каб не бачыць лютага твара.

Індзеец, смеючыся, падняў сваю акрываўленую руку.

— На гэтай руцэ кроў чырвоная, але яна з цела белых!

— Страшыдла! Гэта ты зрабіў разню!

— Магуа — вялікі правадыр, — самаздаволена адказаў дзікун. — Ці пойдзе цёмнавалосая да яго племя?

— Ні ў якім разе!