Старонка:Апошні з магікан.pdf/257

Гэта старонка не была вычытаная

— Мы яшчэ не бачылі ніякіх знакаў яе прысутнасці, — адказаў разведчык, пільна аглядаючы кусты, дрэвы і глебу. — Што гэта там такое? Ункас, прынясі тое, што матляецца там на цярновым кусце.

Індзеец выканаў просьбу разведчыка і перадаў яму дзіўны прадмет. Той падняў яго высока і рассмяяўся сваім бязгучным шчырым смехам.

— Гэта інструмент спевака! Ункас, пашукай слядоў бота, дастаткова вялікага, каб падтрымаць шэсць футаў і два дзюймы чалавечага мяса, — сказаў ён. — У мяне пачынаюць узнікаць надзеі наконт гэтага дзецюка; здаецца, ён пакінуў гарланіць і заняўся лепшай справай.

— Па крайняй меры, — сказаў Хейвард, — у Коры і Алісы ёсць хоць які-небудзь друг.

— Так, — з пагардлівай усмешкай сказаў Сакалінае Вока, — ён зоймецца спевамі! Ці можа ён забіць аленя на абед, прайсці праз балота і імхі або перарэзаць горла гурону? Калі не, то любы дрозд разумнейшы за яго. Ну што-ж, хлопчык, ёсць якія-небудзь доказы нашага меркавання?

— Вось тут нешта накшталт следу чалавека, абутага ў боты. Ці не будзе гэта толькі наш сябра?

— Асцярожней дакранайся да лісця, а то можаш сцерці абрысы сляда. Гэта след нагі цёмнавалосай. Спявак пакрыў-бы гэты след адной пяткай.

— Дзе? Дайце мне зірнуць на сляды ног майго дзіцяці, — сказаў Мунро, рассоўваючы кусты і з