Старонка:Апошні з магікан.pdf/262

Гэта старонка не была вычытаная

бегу, разрываліся ў шматкі; больш цяжкія збіраліся чорнымі пластамі на небасхіле; лёгкія воблакі яшчэ насіліся над вадой або круціліся сярод верхавін гор, нібы стаі птушак, пырхаючых вакол сваіх гнёзд. Часамі сярод плыўшых воблакаў прабівалася чырвоная вогненная зорка, азараючы слабым святлом хмурае неба. Сярод навакольных гор панаваў ужо густы змрок; раўніна ляжала, нібы вялікі магільны склеп, і ні малейшы шолах, ніякі подых не парушалі мёртвай цішыні.

Дункан некалькі хвілін стаяў, у задуменні сузіраючы гэтае відовішча, якое так страшэнна нагадвала мінулае. Вочы яго пераходзілі ад валу, дзе жыхары лясоў сядзелі вакол яркага агню, да змроку, што знаходзіўся ў тым баку, дзе спачывалі мёртвыя. Яму хутка здалося, што адтуль даносяцца нейкія незразумелыя гукі. Маладому чалавеку зрабілася сорамна за свае страхі. Ён павярнуўся да возера, стараючыся спыніць сваю ўвагу на адлюстраваннях зорак, якія слаба зіхацелі на паверхні вады. Але вельмі напружаны слух па-ранейшаму лавіў бледныя цені гукаў. Нарэшце, яму здаўся ў цемры даволі ясны тупат. Ахоплены трывогай, Дункан ціхім голасам паклікаў разведчыка. Сакалінае Вока ўскінуў на плячо карабін і падышоў да Хейварда з такім спакойным выглядам, які паказаў, наколькі ён быў упэўнены ў бяспецы як сваёй, так і сваіх спадарожнікаў.

— Прыслухайцеся, — сказаў Дункан, — на раўніне чуваць нейкія гукі; быць можа, гэта азначае, што Манкальм яшчэ не пакінуў месцы сваёй перамогі.