Старонка:Апошні з магікан.pdf/272

Гэта старонка не была вычытаная

не прамовіў ні слова. Потым Сагамор, як старэйшы па ўзросту і стану, выклаў план дзеянняў у некалькіх словах, сказаных спакойна і з важнасцю. Яму адказаў разведчык. Чынгачгук пачаў гаварыць зноў, бо яго субяседнік не згаджаўся з яго думкай. Малады Ункас сядзеў моўчкі з пачцівасцю слухаючы старэйшых, пакуль Сакалінае Вока не запытаў яго думкі з ветлівасці. Па манерах размаўляючых Хейвард зразумеў, што бацька і сын прытрымліваюцца аднолькавай думкі ў спрэчцы, у той час як белы настойвае на іншым. Спрэчка рабілася ўсё больш ажыўленай.

Словы Ункаса выслухоўваліся з такой-жа вялікай увагай, як і поўныя больш сталай мудрасці словы яго бацькі. Ніхто не выяўляў ніякай нецярплівасці, і кожны адказваў толькі пасля некалькіх хвілін маўклівага раздум’я.

Гутарка магікан суправаджалася такімі яснымі, натуральнымі жэстамі, што Хейвард лёгка ўлоўліваў сэнс іх разважанняў. Па частых жэстах індзейцаў ясна было, што яны настойваюць на праследаванні па сухазем’і, па слядах, у той час як Сакалінае Вока ўвесь час працягваў руку ў напрамку Гарыкана, з чаго можна было заключыць, што ён стаіць за пагоню па вадзе.

Разведчык, як відаць, пачынаў прыходзіць у замяшанне, і пытанне, напэўна, вырашылася не ў яго карысць, як раптам ён устаў на ногі, і скінуўшы апатыю, пачаў гаварыць з усім майстэрствам туземнага красамоўства. Ён паказаў на шлях сонца, падымаючы руку столькі разоў, колькі дзён неабходна для выканання яго плана.