Старонка:Апошні з магікан.pdf/279

Гэта старонка не была вычытаная

— Цс! — перабіў яго разведчык. — Так, Сагамор, у цябе ёсць разумная прычына для кожнага ўчынку. Гэта толькі цень, але ён ненатуральны. Бачыце, маёр, воблака пары, якое ўздымаецца над востравам?

— Гэта выпарэнні, якія ўздымаюцца над вадой.

— Так можа сказаць толькі дзіця. А што гэта за цёмная паласа, падобная да дыму? Яе можна прасачыць да гушчару арэшніка. Яна ідзе ад агню, але які патухае ўжо.

— Ну, дык пад’едзем да гэтага месца і вырашым нашы сумненні, — сказаў нецярплівы Дункан. — Людзей павінна быць не многа, калі яны могуць размясціцца на такім кавалачку зямлі.

— Калі вы будзеце меркаваць аб хітрасці індзейцаў па правілах, знойдзеных вамі ў кнігах, то гэта прывядзе вас да памылак, калі не да смерці, — адказаў Сакалінае Вока, аглядаючы прыкметы мясцовасці з уласцівай яму праніклівасцю. — Калі мне дазволена будзе гаварыць, то я сказаў-бы, што нам астаецца на выбар: або вярнуцца і адмовіцца ад праследавання гуронаў…

— Ніколі! — ускрыкнуў Хейвард голасам, занадта моцным пры даных акалічнасцях.

— Ну-ну, — казаў далей Сакалінае Вока, робячы паспешны жэст, каб спыніць парыў нецярплівасці маладога чалавека, — у мяне такая самая думка, але лічу, што я павінен сказаць усё. Значыць, мы павінны плыць далей і, калі ў пралівах знаходзяцца індзейцы або французы, павярнуць лодку і прабіцца паміж тымі навіслымі скаламі. Ці праўду я кажу, Сагамор?