Старонка:Апошні з магікан.pdf/30

Гэта старонка не была вычытаная

зямля не пачырванела ад іх крыві. У вобласці паміж берагамі вялікай ракі і мелямі Салёнага возера мы не сустрэлі нікога; толькі адны макуасы здалёк сачылі за намі. Мы сказалі, што ўвесь гэты край наш. Мы мужна заваёўвалі гэты край і ахоўвалі яго, як дружныя і смелыя мужы; мы прагналі макуасаў у лясы, якія былі перапоўнены мядзведзямі, і яны здабывалі для сябе соль толькі з ям перасохлых салёных крыніц; гэтыя сабакі не вылавілі ні адной рыбы з вялікага возера, і мы кідалі ім адны косці.

— Пра ўсё гэта я ўжо чуў і ўсяму веру, — сказаў белы паляўнічы, бачачы, што індзеец змоўк. — Але-ж усё, пра што ты расказваеш, здарылася задоўга да таго часу, калі прышлі англічане.

— Тады хвоі раслі там, дзе цяпер узвышаюцца каштаны. Першыя бледнатварыя, якія прышлі да нас, размаўлялі не па-англійску. Яны прыплылі ў вялікім чаўне. Гэта здарылася ў тыя дні, калі мае бацькі разам з усімі навакольнымі плямёнамі закапалі свой тамагаук[1]. І тады, — сказаў Чынгачгук, і вялікае хваляванне выявілася толькі ў тоне яго голаса, — тады, Сакалінае Вока, мы складалі адзін народ; мы былі шчаслівымі! Салёнае возера давала нам рыбу, лясы — аленяў, паветра — птушак. У нас былі жонкі і дзеці. Мы пакланяліся Вялікаму духу, і макуасы баяліся нашых пераможных спеваў.

  1. Урачысты абрад, які азначае сканчэнне вайны.