Старонка:Апошні з магікан.pdf/304

Гэта старонка не была вычытаная

Сакалінае Вока ўжо напалову скрыўся ў гушчары, калі Хейвард раптам працягнуў руку, каб спыніць яго, і сказаў:

— А магу я выстраліць, калі ўбачу, што вам пагражае небяспека?

Сакалінае Вока глядзеў на яго некаторы час як быццам не ведаючы, як зразумець яго пытанне, потым паківаў галавой і адказаў, смеючыся па-ранейшаму нячутным смехам:

— Страляйце хоць за цэлы ўзвод, маёр.

У наступны момант ён знік сярод лісця. Дункан правёў некалькі хвілін у напружаным чаканні, перш чым зноў убачыў разведчыка. Ён поўз цяпер па зямлі ззаду дзікуна, якога ён намеціў узяць у палон. На адлегласці некалькіх футаў ад незнаёмага ён падняўся на ногі павольна і бязгучна. У гэтую хвіліну пачулася некалькі гучных удараў па вадзе. Дункан азірнуўся якраз упару, каб убачыць, як сотня цёмных фігур адразу кінулася ва ўсхваляваную паверхню вады. Ён зноў схапіў стрэльбу і перавёў позірк на індзейца, які стаяў паблізу. Дзікун, які нічога не падазраваў, зусім не спалохаўся і, выцягнуўшы шыю, здавалася, глядзеў на возера з тупой дапытлівасцю. У гэты момант над ім узнялася рука Сакалінага Вока; але раптам яна апусцілася без усякай бачнай прычыны, і ўладальніка яе ахапіў новы прыпадак смеху. Калі скончыўся гэты выбух нястрымнага смеху, Сакалінае Вока замест таго, каб схапіць за горла сваю афяру, злёгку ўдарыў яе па плячы і моцна крыкнуў: