Старонка:Апошні з магікан.pdf/325

Гэта старонка не была вычытаная

ён скажа: «Гэта добра, мае гуроны — вельмі храбры народ».

— Наш бацька ў Канадзе так не думае. Замест таго, каб, клапоцячыся пра будучыню, узнагароджваць індзейцаў, ён звяртае свае позіркі ў мінулае. Ён бачыць мёртвых інгізаў, але не гуронаў. Што можа гэта значыць?

— У такога вялікага правадыра, як ён, больш думак, чым слоў. Ён клапоціцца пра тое, каб на яго шляху не было ворагаў.

— Яго вушы адкрыты дэлаварам, ворагам нашым, і яны напаўняюць іх хлуснёй, — панура запярэчыў індзеец.

— Гэтага не можа быць. Слухай, ён загадаў мне, чалавеку, якому вядома майстэрства лячэння, пайсці да яго дзяцей, чырвонаскурых, якія жывуць па берагах вялікіх азёр, і запытаць, ці няма ў іх хворых.

Пасля гэтых слоў Дункана зноў надышло маўчанне.

Вочы ўсіх адначасова накіраваліся на яго, нібы жадаючы дазнацца, праўда або хлусня крыецца ў яго словах, і такі розум і праніклівасць свяціліся ў гэтых вачах, што Хейвард уздрыгануўся. Але з гэтага непрыемнага становішча яго вывеў індзеец, які толькі што гаварыў з ім.

— Хіба вучоныя людзі з Канады расфарбоўваюць сваю скуру? — холадна казаў гурон. — Мы чулі, як яны выхваляюцца, што іх твары белыя.

— Калі індзейскі правадыр прыходзіць да сваіх братоў белых, — запярэчыў Дункан з вялікай упэўненасцю, — ён знімае сваё адзенне з буй-