Старонка:Апошні з магікан.pdf/345

Гэта старонка не была вычытаная

рамі. Ні ў асанцы, ні ў адзенні гэтага індзейца не было нічога, што магло-б даць яму права на такую выключную ўвагу. Асанка яго, з пункту гледжання туземцаў, не ўяўляла нічога выдатнага; адзенне было такім, якое звычайна насілі простыя члены племя. Падобна большасці прысутных, ён больш мінуты глядзеў у зямлю; калі-ж адважыўся падняць вочы, каб цішком зірнуць на навакольных, то ўбачыў, што з’яўляецца прадметам агульнай увагі. Сярод агульнага маўчання ён устаў.

— Гэта была хлусня, — сказаў ён. — У мяне не было сына. Той, каго так называлі, забыты; у яго была бледная кроў. Гэта не кроў гурона; злы, хітры чыпевей спакусіў маю жонку. Вялікі Дух сказаў, што род Уіс-ен-туша павінен скончыцца; Уіс-ен-туш шчаслівы, што зло яго роду скончыцца разам з ім. Я скончыў.

Гэта быў бацька баязлівага маладога індзейца. Ён азірнуўся навакол, нібы шукаючы ўхвалення свайму стаіцызму ў вачах сваіх слухачоў. Але суровыя звычаі індзейцаў ставілі патрабаванні, занадта цяжкія для слабога старога. Выраз яго позірку супярэчыў яго вобразным і выхвальным словам; кожны мускул маршчыністага твара дрыжэў ад пакуты. Прастаяўшы хвіліну, нібы цешачыся сваім сумным трыумфам, ён павярнуўся, нібы аслабеўшы ад позіркаў людзей, і, затуліўшы твар плашчом, вышаў з хаціны бясшумнаю хадою.

Індзейцы, якія вераць у спадчынную перадачу дабрадзейнасцзй і недахопаў характару, далі