Старонка:Апошні з магікан.pdf/394

Гэта старонка не была вычытаная

звязваўшых яго путаў. Гурон устаў і атросся, як леў, які выходзіць са свайго логава. Ні аднаго слова не сарвалася з яго вуснаў, толькі рука сударгава гуляла ручкай нажа, а панурыя вочы пільна аглядалі ўсіх прысутных, нібы шукаючы, на кім спагнаць першы парыў гневу.

На шчасце для Ункаса, разведчыка і нават Давіда, рука яго не магла дастаць іх; у гэтую хвіліну ніякае жаданне нацешыцца самай тонкай лютасцю не здолела-б адтэрмінаваць смерць вінаватых. Магуа захлынаўся ад шаленства. Бачачы вакол сябе толькі прыязныя твары, ён заскрыгатаў зубамі і стрымаў сваю шалёную злосць з прычыны адсутнасці афяры, на якой мог-бы спагнаць яе. Аднак, праява яго гневу была заўважана ўсімі навакольнымі, і прайшло некалькі хвілін, перш чым хто-небудзь прамовіў хоць-бы адно слова: усе баяліся раззлаваць чалавека, і без таго даведзенага ўзрушэннем да вар’яцтва. Калі мінуў некаторы час, самы старэйшы з правадыроў адважыўся пачаць гутарку.

— Мой друг сустрэў ворага, — сказаў ён. — Скажы, дзе ён знаходзіцца, каб гуроны маглі яму адпомсціць.

— Няхай дэлавар памрэ! — моцным голасам сказаў Магуа.

Зноў надышло доўгае, выразнае маўчанне, парушанае праз некаторы час з належнай асцярожнасцю тым-жа правадыром.

— Малады магікан шпаркі на нагу, але мае воіны ідуць па яго следу.