Старонка:Апошні з магікан.pdf/424

Гэта старонка не была вычытаная

тоўпу дзіру ў дне пасудзіны; куля, увайшоўшы ў горлачка пасудзіны, вылецела з процілеглага яе боку. Пры гэтым неспадзяваным відовішчы моцныя крыкі захаплення вылецелі з вуснаў усіх воінаў. Гэты стрэл вырашыў пытанне і пацвердзіў погаласку пра меткасць Сакалінага Вока. Дапытлівыя зачараваныя позіркі, якія толькі што звярнуліся было на Хейварда, накіраваліся цяпер на загартаваную фігуру разведчыка. Калі крыху сунялося раптоўнае шумнае ўзрушэнне, стары правадыр зноў пачаў распытваць.

— Навошта ты хацеў заткнуць мне вушы? — звярнуўся ён да Дункана. — Хіба дэлавары такія дурні, што не здолеюць адрозніць маладога барса ад старога?

— Яны яшчэ зразумеюць, якая хлуслівая птушка — гурон, — сказаў Дункан, стараючыся пераймаць вобразную мову туземцаў.

— Добра. Мы дазнаемся, хто прымушае людзей затыкаць вушы. Брат, — дадаў правадыр, накіроўваючы свой позірк на гурона, — дэлавары слухаюць.

Закліканы гэтымі прамымі словамі растлумачыць свае намеры, гурон устаў са свайго месца. З рашучым, велічным выглядам ён увайшоў у самы цэнтр круга, спыніўся перад палоннымі ў позе прамоўцы і падрыхтаваўся гаварыць. Але перш чым пачаць гутарку, ён абвёў позіркам круг напружаных твараў, нібы абдумваючы словы, якія адпавядаюць разуменню яго слухачоў. Ён кінуў на разведчыка позірк, поўны варожасці, змешанай з павагай; на Дункана зір-