Старонка:Апошні з магікан.pdf/435

Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ XXX

Трывожная цішыня цягнулася некалькі хвілін. Потым натоўп закалыхаўся, расступіўся і зноў самкнуўся. У яе жывым кругу стаяў Ункас. Усе вочы, якія да гэтага часу з цікавасцю вывучалі твар старога, бачачы ў ім мудрасць усяго племя, цяпер накіраваліся з таемным зачараваннем на стройную, гнуткую фігуру палоннага. Ні прысутнасць усімі паважаемага старога, ні выключная ўвага, узбуджаемая ім, не парушылі самаўладання маладога магікана. Ён кінуў уважлівы позірк ва ўсе бакі, сустрэў варожыя, хмурыя позіркі правадыроў з такім спакоем, як і дапытлівыя, уважлівыя позіркі дзяцей. Але калі пасля высокамернага агляду ўсіх прысутных яго позірк спыніўся на фігуры Таменунда, павольнымі, нячутнымі крокамі юнак прайшоў да таго месца, дзе сядзеў мудрэц, і спыніўся проста перад ім. Тут ён стаяў, зорка назіраючы за ўсім, што адбывалася навакол яго, пакуль адзін з дэлаварскіх правадыроў не сказаў Таменунду аб яго прысутнасці.

— На якой мове гаворыць палоннік з Маніта? — запытаў патрыярх, не расплюшчваючы вачэй.

— Як і яго бацькі, на мове дэлавараў, — сказаў Ункас.

Пры гэтай раптоўнай і неспадзяванай вестцы сярод натоўпу прабег ціхі, люты гул, які можна было-б параўнаць з рыканнем ільва. Дзеянне гэтых слоў на мудраца было таксама-ж моцным, але праявілася інакш. Ён прыкрыў рукой вочы, як быццам для таго, каб пазбавіць сябе магчымасці