Старонка:Апошні з магікан.pdf/436

Гэта старонка не была вычытаная

бачыць такое ганебнае відовішча, паўтараючы ціхім, гартанным голасам толькі што чутыя словы.

— Дэлавар! Я дажыў да таго, што бачыў плямёны ленапаў выгнанымі з месц, дзе здаўна гарэлі іх вогнішчы нарады, і рассеянымі сярод гор, іракезаў, нібы стады аленяў! Я бачыў, як сякеры чужога народу высякалі нашы лясы, якіх пашкадавалі нябесныя вятры! Я бачыў, як у вігвамах людзей жылі звяры, што бегаюць па лясах, і птушкі, якія лятаюць над дрэвамі; але ніколі яшчэ не сустракаў дэлавара настолькі нізкага, каб упаўзці, падобна да ядавітай змяі, у лагер свайго народу.

— Хлуслівыя птушкі разявілі свае дзюбы, — адказаў Ункас самымі мяккімі нотамі свайго музычнага голаса, — і Таменунд пачуў іх песні.

Мудрэц уздрыгануўся і схіліў галаву на бок, як быццам стараючыся ўлавіць заміраючыя гукі далёкай мелодыі.

— Ці не спіць Таменунд? — усклікнуў ён. — Што за голас гучыць у яго вушах! Няўжо зімы адсунуліся назад? Няўжо да дзяцей Ленапа зноў вяртаецца лета?

За патокам нязвязаных слоў, якія вырваліся з вуснаў Таменунда, надышла ўрачыстая, пачцівая цішыня. Яго народ лёгка палічыў гэтыя незразумелыя словы за адну з тых таямнічых гутарак, якія стары, як думалі прысутныя, вёў з Вялікім Духам, і ўсе са страхам чакалі адкравення. Пасля доўгага, цярплівага чакання адзін з яго старых таварышоў заўважыў, што мудрэц забыўся на пытанне, якое ўзрушала ўсіх, і адважыўся напомніць яму пра палоннага, які стаяў перад ім.