Старонка:Апошні з магікан.pdf/452

Гэта старонка не была вычытаная

— Гурон, — перабіў яго Ункас. Да гэтага часу, пакорны строгім звычаям свайго племя, ён аставаўся ўважлівым, сур’ёзным слухачом усяго, што адбывалася перад ім. — Гурон, справядлівасць дэлавараў выходзіць ад вялікага Маніта. Зірні на сонца. Яно стаіць цяпер каля верхніх галін вунь тых кустоў. Твой шлях вольны і не доўгі. Калі сонца падымецца над дрэвамі, па тваіх слядах пойдуць людзі.

— Я чую карканне вароны! — сказаў Магуа з насмешлівым рогатам. — Даганяй, — дадаў ён, трасучы рукой перад натоўпам, які павольна расступіўся перад ім. — Вейандот не адчувае страху перад дэлаварамі. Сабакі, зайцы, злодзеі — я плюну на вас.

Яго пагардлівыя словы былі выслуханы дэлаварамі ў мёртвай, злавеснай цішыні. Магуа бесперашкодна накіраваўся да лесу разам з сваёй спадарожніцай, пад аховай непарушных законаў гасціннасці.


РАЗДЗЕЛ ХХХІ

Пакуль вораг і яго афяра былі яшчэ на вачах у натоўпу, дэлавары аставаліся нерухомымі, нібы прыкаваныя да месца, але як толькі гурон знік, магутныя страсці вырваліся на волю, і натоўп усхваляваўся, як бурнае мора. Ункас па-ранейшаму стаяў на ўзвышшы, не адрываючы вачэй ад фігуры Коры, пакуль колер яе плацця не змяшаўся з лісцём лесу. Сышоўшы з узвышша, ён моўчкі прайшоў сярод натоўпу і знік у той ха-