Старонка:Апошні з магікан.pdf/488

Гэта старонка не была вычытаная

і, прыняўшы ранейшую позу, аставаўся ў ёй, пакуль не скончылася цырамонія пахавальнага абраду.

Чынгачгук з’яўляўся адзіным выключэннем з усяго натоўпу туземцаў, якія так уважліва сачылі за выкананнем абраду. За ўвесь час позірк яго не адрываўся ад сына, і ні адзін мускул застыўшага твара не дрогнуў нават пры самых дзікіх або чуллівых выбухах жальбы. Усе яго пачуцці, за выключэннем зроку, нібы замерлі, для таго каб вочы яго маглі ў апошні раз зірнуць на рысы, якія ён любіў так доўга і якія хутка будуць назаўсёды схаваны ад яго вачэй.

Калі спевы скончыліся, з натоўпу выступіў воін, вядомы сваімі подвігамі, чалавек з суровым, велічным выглядам. Ён падышоў да нябожчыка павольнай хадою і стаў побач з ім.

— Навошта ты пакінуў нас, гордасць дэлавараў? — пачаў ён, звяртаючыся да нежыццёвага цела Ункаса. — Час твайго жыцця быў падобным да сонца, калі яно яшчэ толькі ўстае з-за дрэў, твая слава была ярчэйшай за яго святло ў поўдзень. Хто з тых, што бачыў цябе ў бітве, падумаў-бы, што ты можаш памерці? Твае ногі былі падобнымі да крылляў; рука твая была цяжэйшай за падаючыя галіны хвоі, а голас твой нагадваў голас Маніта, калі ён гаворыць у воблаках. Гордасць дэлавараў, навошта ты пакінуў нас?

За ім, у строгім парадку, падыходзілі другія воіны. Калі большасць самых выдатных людзей племя аддало сваю даніну целу нябожчыка, усла-