Старонка:Апошні з магікан.pdf/492

Гэта старонка не была вычытаная

Узрушаны сцэнай, якая толькі што адбылася, настаўнік спеваў праявіў вялікае майстэрства. Ён закончыў свой гімн, як і пачаў, сярод глыбокай, урачыстай цішыні.

Калі апошнія гукі гімну дайшлі да слуху прысутных, баязлівыя позіркі цішком накіраваліся на бацьку нябожчыцы, і ціхі, стрыманы шэпт прабег сярод радоў стаяўшых. Мунро агаліў сваю сівую кудравую галаву і агледзеў натоўп палахлівых, ціхіх жанчын. Потым даў знак рукой разведчыку, каб той слухаў яго, і прамовіў:

— Скажыце гэтым добрым, ласкавым жканчынам, што прыгнечаны горам стары ўдзячны ім…

Галава Мунро зноў апусцілася на грудзі, і ён пачаў упадаць ужо ў той стан здрантвення, з якога яго вывела папярэдняя сцэна, калі малады француз, пра якога гаварылася раней, адважыўся злёгку дакрануцца да яго локця. Калі яму ўдалося звярнуць на сябе ўвагу засмучанага старога, ён паказаў яму на групу маладых індзейцаў, якія неслі лёгкія, шчыльна закрытыя насілкі, а затым падняў руку ўгору, паказваючы на сонца.

— Я разумею вас, сэр, — прамовіў Мунро з напускной цвёрдасцю, — я разумею вас. Гэта воля неба, і я скараюся перад ёй. Кора, дзіця маё! Калі-б малітвы прыгнечанага горам бацькі маглі мець якое-небудзь значэнне для цябе, якой шчаслівай была-б ты цяпер! Ідзем, джэнтльмены, — дадаў ён, азіраючыся навакол з велічным выглядам, хоць пакуты, якія скажалі яго паблеклы твар, былі вельмі вялікімі, каб ён мог схаваць іх. — Наш абавязак скончаны; ідзем адсюль.