Старонка:Апошні з магікан.pdf/493

Гэта старонка не была вычытаная

Хейвард з радасцю падпарадкаваўся загаду, прымусіўшаму яго адыйсці ад месца, дзе ён адчуваў, што кожны момант можа страціць самаўладанне. Пакуль яго спадарожнікі садзіліся на коней, ён паспеў паціснуць руку разведчыку і паўтарыць угавор сустрэцца з ім у радах брытанскай арміі. Потым ён ускочыў у сядло і, прышпорыўшы каня, пад’ехаў да насілак, адкуль даносіўся ціхі, падаўлены плач Алісы — адзіная адзнака яе прысутнасці. Такім чынам усе белыя людзі, за выключэннем Сакалінага Вока, — Мунро, з апушчанай на грудзі галавой, Хейвард і Давід, якія ехалі ў сумнай маўклівасці, якіх праводзіў ад’ютант Манкальма і яго світа, — праехалі перад дэлаварамі і неўзабаве зніклі ў прасторных лясах. А Сакалінае Вока вярнуўся да месца, куды вабілі яго з непераможнай сілай усе прывязанасці. Ён паспеў якраз своечасова, каб кінуць развітальны позірк на Ункаса, якога дэлавары ўжо апранулі ў яго апошняе адзенне з звярыных скур. Індзейцы спыніліся, каб даць разведчыку магчымасць зірнуць доўгім любячым позіркам на твар памёршага; потым цела Ункаса захуталі, з тым каб ужо ніколі не адкрываць. Рушыла працэсія, падобная да першай, і ўсё племя сабралася вакол часовай магілы правадыра — часовай, бо ў далейшым яго цела павінна было спачываць сярод цел яго супляменнікаў.

Дэлавары ішлі да магілы Ункаса, ахопленыя агульным шчырым пачуццём. Вакол новай магілы відаць былі тыя-ж сур’ёзныя, засмучаныя твары, панавала тая-ж магільная цішыня, назіралася