Старонка:Апошні з магікан.pdf/73

Гэта старонка не была вычытаная

Разведчык спачатку сядзеў, безуважна абапёршыся падбародкам на руку, але паступова яго суровы твар памякчыўся. Быць можа, у памяці паляўнічага ўсталі ўспаміны дзіцячых гадоў, ціхія дні, калі яму даводзілася чуць такія псалмы з вуснаў мацеры. Блукаючыя вочы жыхара лясоў сталі вільготнымі, слёзы пакаціліся па яго абветраных шчоках. Пранёсся адзін з тых нізкіх заміраючых гукаў, якія слух успрыймае з прагным захапленнем, нібы ўсведамляючы, што гэтая асалода зараз спыніцца. І раптам пачуўся енк, не падобны ні на чалавечы крык, ні на крык іншай зямной істоты; ён страсянуў паветра і прабіўся не толькі ва ўсе куткі пячоры, але і ў самыя патаемныя месцы чалавечых сэрцаў. Услед за гэтым зрабілася зусім ціха; здавалася, быццам нават воды Глена спыніліся, сціснутыя жахам.

— Што гэта? — прашаптала Аліса, прышоўшы да памяці пасля аслупянення.

— Што гэта? — моцна запытаў Дункан.

Ні Сакалінае Вока, ні індзейцы не адказалі. Яны слухалі, мабыць чакаючы паўтарэння енку, і выраз іх твараў выяўляў здзіўленне. Нарэшце, яны вельмі хутка і сур’ёзна пачалі размаўляць між сабой на дэлаварскай мове. Пасля сканчэння іх гутаркі Ункас асцярожна выслізнуў з аддаленага выхаду пячоры. Калі ён вышаў, разведчык зноў загаварыў па-англійску:

— Ніхто з нас не можа сказаць, што гэта было, хоць мы на працягу трыццаці з лішнім гадоў вывучалі лясы. Я думаў, што майму слуху знаёмы ўсе крыкі індзейцаў, усе звярыныя галасы, але ця-