Старонка:Апошні з магікан.pdf/78

Гэта старонка не была вычытаная

адважваюся паўтараць, адчуваючы, аднак, іх справядлівасць. Аднойчы ён сказаў…

Дункан адразу змоўк, бо зноў пранёсся той-жа жахлівы енк, і ўслед за тым надышла доўгая мёртвая цішыня; усе пераглядваліся, са страхам чакаючы паўтарэння дзікага выцця. Нарэшце, у адтуліне пячоры паказаўся разведчык; суровая цвёрдасць яго твара змянілася няўпэўненасцю пры думцы аб таямнічых гуках, якія здавалася, прадвяшчалі немінучую небяспеку, перад якой былі бездапаможны і лоўкасць яго і вопытнасць.


РАЗДЗЕЛ VII

— Калі мы астанемся тут, — сказаў Сакалінае Вока, — мы не палічымся з папярэджаннем, якое даецца нам для нашага-ж дабра. Няхай далікатныя стварэнні пабудуць у пячоры, але мы, гэта значыць я і магікане пойдзем на скалу пільнаваць, і, думаю, маёр далучыцца да нас.

— Хіба набліжаецца небяспека? — запытала Кора.

— Лэдзі, — урачыстым тонам адказаў разведчык, — больш трыццаці гадоў прыслухоўваўся я да ўсіх лясных гукаў, як прыслухоўваецца чалавек, жыццё і смерць якога залежыць ад чуткасці яго слуху. Мяне не ашукаюць ні мурлыканне пантэры, ні свіст перасмешніка, ні крыкі д’ябальскіх мінгаў. Мне даводзілася чуць, як стагнаў лес, нібы чалавек у надзвычайным смутку; чуў я трэск маланкі, якая поўніла паветра шыпеннем палаючых галін, калі яна раскідала іскры, разлятаючыся ў зломах. Цяпер-жа ні магікане, ні я, не можам рас-