Старонка:Архіп і Лявонка (1910).pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

Хлапцу здалося, што гэтымі словамі бьюць яго па галаве, ды гэтак моцна, што ён зусім самлеў, бытцам нырнуў у чорную, глыбокую — без дна — студню.

Як трохі ачухаўся, то пабачыў, што галоўка яго ляжыць на дзедавых каленах, а сам дзед нахінуўся над ім ды плача мутнымі маленькімі сьлезамі, каторые плылі аму на шэйку і дужа казыталі. Дзедавы твар, здавалося, паморшчыўся ешчэ крапчэй, як заўсёды.

— Дзякаваць Богу, ачунеў… Пойдземо, діцятка, адгэтуль, — выпусьцілі праклятые!

Лявонка падняўся і сеў поплеч; але цяжка яму было сідзець, бо здавалося, што ў галаве ёсць нешта вельмі цяжкое і што вось-вось яна зара і зваліцца с плеч… Узяў яе абапол ды пачаў памаленьку качаць з боку на бок.

— Што, баліць? Родненькі ты мой!… Намучылі яны нас… Проста зьверы! Згінуў кінджал, згубіла дзеўка сваю хустачку, а яны ўсё на нас, ды на нас!… Божухна ты мой, Божухна!.. за што нас караеш?!.

Пісклівы голас дзеда ажно скрабаў Лявонку ў нутры, і пачуў ён, што тамака загараецца гэткая вострая іскра, каторая бытцам аддаляе яго ад дзеда.

Ён адсунуўся і спадылба глянуў на старога; здалося яму, што з маршчын выпаўзаюць маленькіе благіе гадзюкі кламства… Уздрыгнуў і паглядзеў навокол…

Сядзелі яны на дарозі за станіцай — у цяньку, пад дубам. Ужо ноч была, — ўзыйшоў месяц; а малочна-серэбраный сьвет яго слаўся па пустому стэпу і навадзіў сумную жуду. Далёка — там, дзе земля схадзілася з небам, падыймаліся цёмные хмары і ціха плылі па небі; падчас захадзілі на месяц, а тады па зямлі прабегалі доўгіе цені. А было іх шмат яны шчыльна клаліся на зямлю, памаленьку плылі па ёй ды неўзнак гінулі, бытцам у нейкіе шчыліны праваліваліся.

З станіцы далеталі ешчэ галасы; дзенедзе сьвеціліся аганькі і бытцам міргалі зоркам на небі.

— Пойдземо, дзіцятка!.. трэба ісьці, — сказаў дзед.

— Ой, хочэцца пасядзець!.. — ціха прашэптаў Лявонка.

Яму падабаўся стэп. Ідучы у дзень, любіў ён глядзець наперад, туды, дзе небо бытцам кладзецца на шырокую грудзь зямлі… І сьніліся яму там аграмадные гарады з добрымі людзьмі, каторые самі хлеб даюць, — прасіць ня треба. А калі падхадзіў бліжэй і бачыў такую самую станіцу, як усе, тады неяк злосна яму рабілося за гэтае ашуканство. А на другі дзень, як шырокі стэп ізноў развертаўся перад яго вачамі, ён ізноў востра угледаўся, ці не пабачыць дзе тых гарадоў…