Старонка:Архіп і Лявонка (1910).pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

Вось і цяпер задумаўся ды глядзеў у даль, адкуль па маленьку надыходзілі цёмные хмары. Яны здаліся яму дымам с тысяч коміноў гэтаго горада, што ён дужа хацеў пабачыць…

Цяжкі, глухі кашэль ацуціў хлопца.

Дзед ад кашлю захліпаўся, сьлёзы ліліся, губа раскрылася, вочы высалупіліся, ды ўвесь твар стаў нейкім страшным — незвычайным, — і другі раз запалілася ў Лявонцы тая іскорка, што яго аддаляла ад дзеда.

— Ну, пасядзім, пасядзім ешчэ!… — ледзь выгаварыў дзед, ды нешта пачаў шукаць за пазухай.

Лявонка адвярнуўся ды ізной пачаў глядзець у даль.

— Лявонка!.. Паглядзі!.. — разам радасна ўсхліпнуў дзед, і ў руцэ яго мігнуло нешта доўгае, дужа бліскучае. — Ручка серэбраная, да душы серэбраная!… поўсотні каштуе!…

А ўвесь дрыжаў, — і ад грудной болі, і ад хцівасьці.

Лявонка адпіхнуў працягнутую к яму руку.

— Схавай, дзядуля!.. схавай!.. — трывожна пачаў прасіць.

— Ну, і чаго спужаўся, дурніца ты гэткі?! Чаго? Нікога нема!… Я ў вакно зірк, аж ён вісіць… я яго хап, ды пад палу… а пасьля ў кустах схаваў… І дурные яны!.. І хустачку ўзяў… во яна!..

Выцягнуў с торбы і патрос хустачкай перад вачамі хлопца.

Перад Лявонкай як бы разарвалася завеса, і ён бытцам пабачыў гэткі абраз: — Ён і дзед шыбка сьпешаць па вуліцы станіцы, адварочываюцца ад людзей і баяцца іх. Лявонцы здаецца, што кожны мае права іх біць, плюнуць ім у вочы; лаяць іх… Усе — хаты, дрэвы, плоты — ў нейкім дзіўным тумане ківаюцца грозна… Гудзяць неяк страшэнна галасы… А дарога доўгая, выходу не відаць; хаты с цёмнымі вокнамі бытцам находзяць на іх, хочуць задушыць, ды падчас то атхінаюцца, то ізноў маняцца крывіць… З аднаго вокна чуцен выразна крык: „Зладзеі! Зладзеі! Зладзеі!..“ Лявонка зірк у тое вакно, ды пабачыў усю у сьлезах дзяўчынку, каторую раней ён хацеў бараніць… Яна угледзіла яго і высунула язык, а сіненькіе яе вочкі дужа калолі душу Лявонкі, бытцам іголкі.

Абраз той паказаўся на адзін момэнт і зара згінуў, але ўзбунтаваў Лявонку проці дзеда.

Дзед то гукаў, то кашляў, махаў рукамі, сьмеяўся, трос галавой і абціраў пот, каторы абліваў яго паморшчэны лоб.

Густая, як-бы парваная хмара зацягнула месяц, і цень закрыў дзедавы твар. Лявонцы здалося, што тая дзяўчынка стаіць поплеч, — і вось пачаў ён іх раўнаваць. Слабы, пісклівы,