І лаюць цябе, і бьюць, а часта і зусім гоняць… Ці ты думаеш, што нас бедных лічаць за людзей? Ані! Дзесяць год ужо хаджу — знаю гэты смак. Куском хлеба даражаць, бытцам золатам. Дадуць і думаюць, што рай сабе аткрылі на тым сьвеці. Мо думаеш, што з жаласьці даюць? Не, — каб толькі сумленьне свае супакоіць, — дзеля гэтаго і даюць, мой міленькі. Сытый чэлавек безлітосный, беднаму не спагадае. Яны да векоў будуць ворагамі, да векоў будуць адзін аднаму вочы калоць!.. Сытый галоднаму не таварыш.
Усходзіўся гэтак дзед ад злосьці і жалю. Вусны дрыжалі, зрэнькі блішчэлі пад чырвонымі векамі, а моршчыны на твары зрабіліся ешчэ большые, ешчэ глыбейшые.
Лявонка гэткім дзядулю не любіў, ён нават пужаўся яго.
— Ну, і скажы-ж ты мне, што ты без мяне будзеш рабіць на сьвеці? Ты — гэткая крошэчка, а сьвет — зьвер. І праглынець ён цябе адразу. Я не хачу гэтаго!.. Люблю цябе, дзіцятка мае роднае… Адзін ты у мяне, і я у цябе адзін… А паміраць ткі трэба старому, нічога ня зробіш… На каго-ж я цябе пакіну?.. Божэ ты мой, Божухна!.. Чаму не пажалееш ты мяне? Жыць мне ня змога, дый паміраць нельга… Дзіцятка малы… Пеставаў цэльные сем год… Памажы ты мне, Божа!..
Дзядуля сеў і загаласіў; ушчаміў галаву памеж каленамі, што хадыром хадзілі, ды гэтак плакаў, што аж плечы падымаліся; горкіе сьлёзы, здаецца, так і пяклі хворые грудзі.
Рэка кацілася быстра і с шумам плёскалась аб берэг, бытцам хацела заглушыць дзедавы стогны. А безвоблачнае неба весела сьмеялося, ліло жар на зямлю ды спакойна слухало шум каламутных хваль рэкі.
— Годзі плакаць, дзядуля! — неяк сурьёзна, зьвярнуўшы галаву на бок, сказаў Лявонка і гукаў далей з сумным, хмурным тварам: Гутарылі мы ужо аб усём. Ведаю добра, ня згіну. Пойду дзе небудзь служыць…
— Забьюць… — ледзь праз зубы працэдзіў дзед,
— А вось і не забьюць, ня дамся! — задорліва крыкнуў Лявонка. — І ў людзі выйду, ня кажному паддамся!..
Аж раптам сцішэў, задумаўся ды ціха дадаў:
— А не, то Богу пачну маліцца…
— Каб у манастыр! — за ім у сьлед уздыхнуў і дзед, толькі ізноў узяў яго кашэль ды не даваў спакою.
Разам над іх галавамі разнёсся нейкі крык, і пачулі яны скрып ад калёс.
— Давай паро-о м!.. Па-ро-ом дава-ай! — гукнулі нейчые крэпкіе грудзі.