Старонка:Архіп і Лявонка (1910).pdf/8

Гэта старонка не была вычытаная

Уздрыгнулі нашые жабракі, ўскочылі і падабралі свае торбы і кіёчкі.

Заскрыпела на пяску арба (воз на двух колах), — а ў ёй стойма трымаў лейцы казак. Падаў ён у зад галаву ў вялікай, махнатай авеччай шапцы, надзетай на-бок, ды, набраўшы цэльнай губой духу, каторы надуў і без таго шырокую грудзь, маніўся ужо крыкнуць ешчэ раз. Белые зубы яго сьвеціліся памеж вусамі і чорнай барадой, што аж пад самые вочы шчыльна абрастала твар, наліўшыйся крывёю ад натугі. Разшпіліўшаяся на грудзёх кашуля аткрывала цела, цёмнае ад загару і паросшае валасамі. Як ад яго, гэтаго сілача, так і ад аграмаднаго каня і кованых калёс нясло сілай, багацьцем, здароўем,

— Гэй!.. гэй!..

Дзед і ўнук моўчкі знялі шапкі і нізка пакланіліся.

— Як маецесь! — громка гукнуў падарожны і, паглядзеўшы на той берэг, з якога памаленьку выпаўзаў ужо паром, пачаў акуратна абгледаць бедных. — Адкуль Бог нясе?

— З Расеі! — атказаў Архіп ды ізноў пакланіўся,

— А што, голад тамака у вас?

Саскачыў ён с калёс і пачаў падцягіваць рэмні ў хамуце.

— Ай, голад такі, што і тараканы з голаду дохнуць!

— Ха, ха! Кажэш, і тараканы дохнуць? Відаць, усё ўжо тамака акуратна паелі, калі нават тараканам не асталося крошэк! А да працы, дык пэўне вы гультаі. Гэта ж вядома, што калі будзем добра працаваць, тады і з голаду ня прыйдзецца паміраць.

— Земля то у нас кепская: ўпіраецца — нічога ня родзіць. Увесь клёк ужо з яе выцягнулі.

— Земля? — пакруціў казак галавой. — Земля заўсягды павінна радзіць, на тое яна і дана чэлавеку, каб радзіла. А бываў ты, дзед, за Чорным морэм? Тамака і жвір аруць!

Паром пад’ехаў.

Два казакі, гладкіе ды чырвоные, з натугай апіраліся нагамі аб паром і трымалі канат ў руках. Паром ажно затрашчаў, як стукнуўся аб берэг. Тады кінулі яны канат ды пачалі адсопывацца.

— Горача? — спытаўся падарожны, усьмехаючыся і чуць падымаючы шапку, ды узвёў на паром каня свайго.

— Аўжо ж! — атказаў адзін перэвозчык і, падыйшоўшы да воза, пачаў тамака нешта сачыць вачыма.

Другі, сеўшы на падлогу, пачаў, крэхчучы здымаць бот.

Дзед з ўнукам узыйшлі на паром, сталі сабе з боку і пагледалі на казакоў.