скага - тыя-ж адвечныя земляробы, дробныя земляўласьнікі, якіх прынялі на ваенную службу: яны сваймі ўласнымі рукамі ўраблялі зямлю, маючы яе часта зусім мала. На іх долю выпадала найцяжэйшая служба ў гаспадарстве, і вось за гэную службу іх абдоравалі прывілеямі, і яны ў сваіх правох зьліліся з нячысьленым радавітым, часьцю тытулованым панствам, паходзіўшым ад старых княжых родаў.
Панаваўшы ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве дзяржаўны лад - гэта лад рэспубліканскі з выбарным дажывотна прэзыдэнтам, каторы называўся вялікім князем. Так у новай форме адрадзілася традыцыя народнае ўлады старое Русі. Гістарычныя рэспубліканскія традыцыі нашага народу не на жарт палохалі царскі ўрад: у межах быўшае Расейскае імпэрыі ня было другое старонкі, да каторае царскі ўрад адносіўся-бы гэтак-жа сурова, як да Беларусі. Зьнішчыўшы польска-беларускія школы, расейскі ўрад ня даў нам ніводнае вышэйшае школы, навет духоўнае акадэміі, ды блізка зусім не адкрываў гімназій, а да істнуючых адносіўся так, што за Аляксандра III лічба школ і вучняў у іх навет паменшала, раўнуючы да ранейшых часоў. Урадавая палітыка вельмі шмат памагала апалячаваньню краю, бо ўсе, хто думаў аб палітычным вызваленьні, прылучаліся да палякоў, з каторымі спадзяваліся разам дайсьці спаўненьня сваіх ідэалаў. Не прызнаваючы беларусаў - мястовых і вясковых, урад пазбаўляў нас свае інтэлігэнцыі, а чыноўнікаў назначалі ў нас маскоўцаў, незнаёмых з нашым жыцьцём і часта мала здатных да працы. Быў навет выданы прыказ, каб беларусаў не назначалі за епіскапаў. Нястача вышэйшых школ, немагчымасьць для беларусаў ніяк устроіцца ў адным адміністрацыйных пунктаў краю зробілі тое, што беларуская інтэлігэнцыя пакідала сваю Бацькаўшчыну і вандравала на чужыну. У мястох Беларусі яна не магла ўмацавацца йшчэ і затым, што паходзячы з народу, ня здолела ўвайсьці ў таргова-прамысловае жыцьцё, - дый тое, праўду кажучы, было ў нас слаба разьвіта . Ведама, нястача тутэйшае інтэлігэнцыі ў свой чарод была аднэй з прычын застою ў гандлі і прамысловасьці.
Змагаючыся з беларускай культурай і яе прадстаўнікамі, расейская ўлада - інстынктыўна, ці мо' і сьвядома - разумела самабытнае значэньне гэтае культуры і баялася яе.
Запраўды з культурнага пагляду беларускі народ можа з гордасьцю ўспамінаць аб сваёй мінуўшчыне. Пачынаючы ад XII сталецьця, беларуская нацыянальнасьць уславілася і ў навуках і літэратуры. Іменьні такіх пісьменнікаў і культурных дзеячоў, як Кірыла Тураўскі, Абраам Смаленскі, Клімант Смаляціч, Еўфрасіньня Полацкая ўславілі цэлую эпоху старарускае асьветы і пісьменства. У часох літоўска-беларускага гаспадарства мы бачым высокае разьвіцьце ў беларусаў літэратуры і права. Беларуская мова была вельмі пашырана. Ад канца XIV сталецьця навет у Літве і Жмудзі большая частка жыхараў ужывала дома старабеларускае мовы, а ў судох і адміністрацыйных установах бела-