кладала руку да адкрываньня школ, падняцьця асьветы і навет пашырэньня літэратуры, бо многа пратэстантаў-беларусаў карысталаса роднай беларускай мовай для шырэньня новае веры. Дый у праваслаўнай царкве ў Беларусі было шмат такога, што збліжала яе да пратэстанцтва: учасьце сьвецкіх людзей у царкоўным жыцьці, саборнасьць царкоўнага ўстройства. Але пратэстанцтва прыносіла з сабой ідэі інтэрнацыяналізму і разьбівала крэпкую спайку насяленьня з старой верай.
Калі пратэстанцтва пачало губляць сваю вагу і пачалася рэлігійная рэакцыя (паварот назад), адзначыўшаяся ў Беларусі такой шырокай працай езуітаў, якой ня ведалі іншыя старонкі, - тады пратэстанты з быўшых праваслаўных пачалі шыбка перахадзіць на каталіцтва. А як да езуітаў належалі пераважна палякі, дык справа пашырэньня каталіцтва скора абярнулася ў апалячаваньне беларусаў. Асабліва пачала польшчыцца шляхта. Дзеля тае ж мэты - акаталічаваньня і апалячаваньня беларусаў - быў перакінены мост між праваслаўнай царквой і каталіцтвам у форме Берасьцейскае царкоўнае уніі ў 1596 гаду, праведзенае супроць волі народу жменяй епіскапаў, адрокшыхся праваславія і паддзержаных усёй сілай улады караля Жыгімонта III. Насталі цяжкія часы рэлігійнае і нацыянальнае барацьбы.
А усё-ж беларускі народ ператрываў гэную барацьбу, у значнай меры месты і ўсё сялянства асталіся вернымі сваёй нацыянальнасьці, навет і прыняўшы унію, ня гледзячы на прымусовы спосаб правядзеньня яе. Праваслаўныя брацтвы далі стойкі прыклад абароны свае нацыянальнасьці. Яны адбаранілі Беларускую культуру, пісьменства, асьвету і цераз эпоху ўціску уважліва данясьлі нацыянальныя традыцыі і пачуцьцё нацыянальнае самабытнасьці да пачатку XIX ст., калі рэлігійная барацьба ўтраціла сваё значэньне.
У XIX сталецьці і да нашых дзён беларуская нацыянальная ідэя не замірала ні на адзін мамэнт. Праўда, сьпярша польская, а пасьля маскоўская культура прыцягавала дя сябе многа лепшых сыноў Беларусі. Польская культура ўзбагацілася гэткімі сынамі нашае Бацькаўшчыны, як Тадэуш Касьцюшка, Сыракомля, Крашэўскі і навет Адам Міцкевіч. Усё-ж прыемна адзначыць, што тры апошнія прадстаўнікі польскае літэратуры з вялікай любасьцю да роднага краю і яго народу пісалі на родныя матывы, толькі карыстаючыся польскай мовай, падобна, як слаўны сын Украіны Гоголь, карыстаўся маскоўскай. Яны, як і многа іншых, ніколі не адрываліся ад роднага краю і не разрывалі зьвязі з тым беларускім гуртком, каторы часьцю ў польскай, часьцю ў роднай беларускай мове працаваў над адраджэньнем і паддзержкай беларускае нацыянальнае ідэі. Даволі назваць такія іменьні як гісторыкаў Нарбута і Кіркора, проф. Ярошэвіча, Даніловіча, Кукольніка, іменьні этнографаў, паэтаў і бэлетрыстаў, як Ян Чэчот, Ян Баршчэўскі, Дунін-Марцінкевіч і многа іншых, каторыя стварылі слаўную эпоху нацыянальнага адраджэньня беларусаў ад 30-ых да 60-ых гадоў мінулага сталецьця.